Віртуальная экскурсія

Полацк. Віртуальная экскурсія

Дзень 4. Нібы прамень сонечны

Паводле Larysa Jackievič   

Цяпер мы з вамі ў XII-м стагоддзі. У Полацку дзесяць каменных храмаў, насельніцтва горада звыш дзесяці тысяч чалавек. Але мы ў двух кіламетрах ад цэнтра горада - у вёсцы Сяльцо. Тут вы ўбачыце ўздым полацкай архітэктурнае школы XII ст. Гэтае месца непарыўна звязана са славутай палачанкай Еўфрасінняй Полацкай, якая здзейсніла духоўны вычын: у XII ст. заснавала манастыр - цэнтр асветы.

Пры манастыры Святога Спасу працавала школа для дзяцей. Юныя палачане вучыліся пісаць, чытаць, атрымлівалі веды па прыродазнаўстве, медыцыне і рыторыцы, вывучалі грэчаскую мову, латынь. Пры манастыры быў скрыпторый - майстэрня па перапісванні кніг, працавала іканапісная майстэрня.

Перад намі заездная брама і званіца, пабудаваныя ў 1882 годзе, адрамантаваныя на пачатку 90-х гадоў XX ст. Да левага флігеля ў 1902 годзе быў дабудаваны жылы корпус. На самым пачатку XXI ст. справа ад заезднай брамы быў пабудаваны жылы корпус для насельніц.

Давайце пяройдзем на цэнтральны пляц манастыру. Адразу ж кідаюцца ў вочы акуратна высаджаныя розы - плён насельніц манастыру.

Акурат перад намі Спаса-Праабражэнская царква - найяскравейшы і адзіны прыклад выбітнай школы Полацкага дойлідства XII ст, які захаваўся да нашых дзён.

Еўфрасіння даручыла будаўніцтва царквы полацкаму дойліду Іаану. За трыццаць тыдняў ён узняў царкву Спаса. Для гэтай царквы па заказе Еўфрасінні ў 1061 г. Лазар Богша стварыў Крыж-човен. Гэта выключны твор прыкладного мастацтва XII ст. Арыгінал, нажаль, страчаны, а вось дакладную копію крыжа Еўфрасінні кожную нядзелю выносяць для пакланення вернікам.

Сёння манастыр уяўляе сабою цэлы комплекс забудоў рознага часу. У агульным ансамблі сваімі памерамі выбіваецца Крыжаўзвіжанскі сабор. Зараз тут знаходзяцца святыя мошчы Еўфрасінні Полацкай. Сюды не зарасце народная сцежка.