Віртуальная экскурсія

Полацк. Віртуальная экскурсія

Дзень 6. Усяслаў Чарадзей

Паводле Larysa Jackievič   

Шаноўныя сябры, мы ля помніка Полацкаму князю Ўсяславу Брачыславічу. Князь кіраваў Полацкім княствам 57 гадоў у XI стагоддзІ. Вярнуўся ён у свой горад у выглядзе гэтага помніка пасля дзесяці вякоў у 2007 годзе. Паводле рашэння ўладаў помнік усталяваны тут, дзе перакрыжоўваюцца вуліцы горада, далей пераўтвараючыся ў важныя накірункі — на Рыгу, Санкт-Пецярбург, Маскву, Арол. Сродкі на помнік былі сабраныя палачанамі, якія любяць свой горад і паважаюць яго гісторыю.

На пастаменце ўздыблены конь — сымбаль улады, на ім Усяслаў. У яго абліччы адначасова і мужнасць ваяра, і невычэрпная мудрасць. Левай рукой ён стрымлівае каня, а правая прыпаднятая. Аўтары помніка ўзялі за аснову "Слова аб палку Ігаравым". У гэтым творы пра Ўсяслава напісана, што ён пераадольваў велічэзныя адлегласці за ноч, каб нечакана з'явіцца ў любым пункце свайго княства. Таму за спінаю Ўсяслава мы бачым крылы дзікай птушкі і шкуру шэрага ваўка.

У X-XIII стст. Полацк быў сталіцаю магутнага княства, у якога былі ўсе атрыбуты дзяржавы: свая тэрыторыя, сваё войска ды казна.

У XIII ст. крыжакі пачалі кантраляваць вусце Заходняй Дзвіны, заснаваўшы фартэцыю Рыгі, якая абмяжоўвала паток гандляроў на шляху, так важнаму для Полацка. Праз ваенную пагрозу з боку крыжакоў Полацкія князі робяць спробы аб'яднання з суседнімі літвінскімі ды рускімі княствамі.

Урэшце Полацк у 1307 г. прыяднаўся да ўтворанай новай дзяржаве — Вялікаму княству Літоўскаму — захоўваючы сваю аўтаномію ў ім ажно да XVI ст. і застаючыся адным з найбуйнейшых і найбагацейшых гарадоў гэтай дзяржавы.

А ў XVI ст. Полацк апынуўся ў складзе Маскоўскай дзяржавы. Пра гэта нам нагадвае гістарычны аб'ект пад назоваю Вал Івана Жахлівага, куды мы і скіруемся наступным днём нашай экскурсіі.