Сафійскі сабор

Паводле miesta.by   

Крыніцы:

  1. І. І. Каліноўскі, "Полацк і яго ваколіцы"

другая пал. XI ст.

Пры князі Усяславе ў сталіцы Полацкага княства на Замкавай гары, на будучым дзяцінцы быў пабудаваны велічны Сафійскі сабор, першая каменная пабудова ў Беларусі. Будаўніцтвам гэтага храма пачынаўся каменны і архітэктурны летапіс Беларусі. У нашыя дні Сафійскі сабор стаў візітоўкай Полацка. Старажытны храм абуджае памяць пра мінулае, яго гісторыя – гэта летапіс Полацка. Гісторыя сабора пачалася ў далёкім XI ст. і працягваецца ў нашыя дні, набывае новы сэнс і духоўную каштоўнасць. Гэта велічны манументальны помнік XI-XVIII стст. Вядомы беларускі паэт і пісьменнік Уладзімір Караткевіч у вершы "Беларуская песня" задаваў паэтычнае пытанне: "Дзе мой край?" І сам жа адказваў: "Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель".

Грэчаскае слова "Сафія" азначае мудрасць, майстэрства. Нашы продкі трактавалі яго больш пашырана – як вялікую чалавечую супольнасць, выяўленне адзінства ўсіх жыхароў княства. Будавалі храм усёй талакой пры дапамозе грэчаскіх майстроў. На камяні вапняку, што знойдзены ў падмурку паўднёвай сцяны Сафіі, пэўна, старажытныя майстры XI ст. пакінулі свае аўтографы: Давид, Тума, Копысь, Микула, Пётр, Воришко. Амаль праз тысячу гадоў гэты камень ператварыўся ў музейны экспанат і з'яўляецца помнікам пісьменства XI ст.

  Узорам для будаўніцтва Сафійскіх сабораў у Кіеве, Ноўгарадзе і Полацку была Сафія канстанцінопальская, узведзеная ў VI ст. Беларускі гісторык і археолаг С.Тарасаў звяртае ўвагу на падабенства полацкай Сафіі з такім жа храмам на Балканах у г. Ахрыд (сучасная Македонія), што быў створаны раней полацкай Сафіі. Ён выказвае думку, што полацкі храм мог быць узведзены пад кіраўніцтвам ці ўплывам балгарскіх майстроў, бо вядома, што на Полаччыне ў XII ст. балгары будавалі храмы.

  Пра будаўніцтва Сафійскага сабора ў Полацку летапісы не паведамляюць. Гэты помнік упершыню ўзгадваецца ў "Жыціі Еўфрасінні Полацкай" і ў "Слове пра паход  Ігаравы". У "Спісе рускіх гарадоў", што ўнесены ў Наўгародскі летапіс напрыканцы XIV ст., маецца запіс: "Святая София каменна о седми версех".
 

У X-XI стст. раманскі Захад перажываў складаны працэс пераходу ад будаўніцтва драўляных храмаў да каменных. Кіеўская Русь і Полацкая зямля даволі рана атрымалі ад Візантыі традыцыі пабудовы каменных крыжова-купальных храмаў. У будучым у палачан склаліся свае традыцыі ў архітэктуры, што прывяло да ўзнікнення полацкай школы дойлідства ў XII ст. Парасткі гэтага ўнікальнага майстэрства былі закладзены пры будаўніцтве Сафійскага сабора. Узоры візантыйскага каменнага дойлідства не сталі механічным пераносам культавых традыцый Усходу на нашу зямлю. Мясцовыя традыцыі зрабілі нейкі адбітак, творчыя імпульсы ішлі і з раманскага Захаду, але на той час яны не знайшлі шырокага распаўсюджання ў мастацтве Беларусі. У далейшым з кожным стагоддзем арыентацыя культуры на заходнееўрапейскую традыцыю заўважна ўзрастала.

Верагодна, што полацкая Сафія будавалася ў XI ст. на месцы згарэўшага драўлянага храма. Сабор, на думку вучоных, узводзіўся за 5 будаўнічых сезонаў, не раз гарэў, перабудоўваўся. Напачатку храм быў сяміглавы. Вядома, што па візантыйскаму канону храм павінен быць пяціглавым. Кіеўская Сафія будавалася з 13-цю купаламі, наўгародская – пяціглавая. Беларускія вучоныя лічаць, што ў полацкай Сафіі напачатку было 7 купалаў – гэта сімвал сямі Усяленскіх сабораў. На Полаччыне тым самым пазначылі непарушнасць веры і  рашэнняў сямі Усяленскіх сабораў. Гэта адпавядала прадуманай палітыцы самастойнасці і незалежнасці Полацкай зямлі.

 

З самага пачатку полацкая Сафія была цэнтрам распаўсюджвання хрысціянства ў княстве. Ішоў час, мяняліся князі, а храм заставаўся рэлігійным асяродкам. Ён аб'ядноўваў вакол сябе хрысціян-вернікаў Полацкай зямлі. Пры саборы існавала епіскапская кафедра. Вучоныя заўважаюць, што часам улада епіскапа ў Полацку была вышэй улады князя. Вышэйшыя духоўныя асобы заўважна ўплывалі на палітычнае жыццё горада і княства.
  Але сабор быў не толькі рэлігійным цэнтрам. Яго лёс – гэта жыццё горада. Усе найважнейшыя падзеі, што адбываліся ў Полацку, былі звязаны з галоўным храмам зямлі. У саборы прымалі паслоў, абвяшчалі вайну і заключалі мірныя пагадненні, "садзілі князя на прастол", захоўвалі меры вагаў, хавалі каштоўнасці і бібліятэку, заснаваную князем Ізяславам, а таксама падпісвалі гандлёвыя дамовы.
    Непадалёк ад храма на рынкавай плошчы каля Чорнага ручая збіралася веча, якое адыгрывала значную ролю ў жыцці горада, было своеасаблівай формай волевыяўлення гараджан. Веча абмяжоўвала ўладу князя, але не знішчала яе. Для Полацка было характэрна адначасовае існаванне вечавога і княжацкага праўлення.

 

другая пал. XVI - другая пал. XVIII ст.

На малюнках XVI ст. храм меў ужо пяць купалаў, нагадваў крэпасць, здольную абараняцца. У 1607 г. Сафія гарэла, але была адбудавана ўніяцкім архіепіскапам Ясафатам Кунцэвічам. Па яго замове сабор узноўлены ў 1619-1622 гг. вядомым архітэктарам і будаўніком 1-й пал. XVII ст. Андрэем (Андрэасам) Кромерам.

Але збудаванне Кромера пацярпела ад пажару ў 1643 г., Сафія была пашкоджана і хутка ўзноўлена. Вялікія разбурэнні храму былі прынесены ў Паўночную вайну, калі ў Полацку з 1705 па 1710 г. знаходзіліся рускія войскі Пятра І. Па загаду цара сабор у 1705 г. быў прастасаваны пад склад ваеннай амуніцыі і пораху. У маі 1710 г. у сутарэннях храма адбыўся выбух пораху. Сабор быў моцна пашкоджаны і шмат гадоў стаяў у запусценні. У перыяд з 1738 па 1750 г. ён быў адбудаваны ўніятамі ў стылі віленскага барока. У такім выглядзе ён дайшоў да нашых дзён. Пасля шматлікіх разбурэнняў і перабудоў ад старажытнага сабора, пабудаванага амаль тысячу гадоў таму, засталіся толькі падмурак, заходнія і ўсходнія сцены на 8 і 12 м у вышыню, частка апорных слупоў, усходняя апсіда падымаецца на вышыню каля 10 м, а ўсё, што вышэй, адносіцца да XVIII ст.

 

Суперніцтва паміж каталікамі, уніятамі і праваслаўнымі ў сферы культавага будаўніцтва прывяло да выкарыстання найбольш выразных архітэктурных сродкаў барока, да сінтэзу іх з мясцовымі традыцыямі. І як вынік – на працягу XVII-XVIII стст. на прасторах ВКЛ сфарміраваўся своеасаблівы архітэктурна-мастацкі напрамак позняга барока, вядомы пад назвай віленскае барока. Па часу гэты напрамак ахоплівае перыяд з 1725 па 1775 г., яго вызначаюць як самабытна-мастацкі феномен у кантэксце агульнаеўрапейскага мастацтва.

На месцы зруйнаванага да падмуркаў старажытнага храма ўзведзены велічны ўніяцкі сабор, аздабленне якога працягвалася да 1765 г.  Сабор перабудоўваўся па замове і на сродкі полацкага ўніяцкага метрапаліта Фларыяна Грабніцкага. Нарадзіўся ён у 1684 г., пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта атрымаў ступень доктара багаслоўя, у 32 гады стаў архіепіскапам у Віцебску, а ў 35 гадоў заняў Полацкую архіепіскапскую кафедру. Спачыў ён у 1762 г. у сваёй загараднай рэзідэнцыі ў Струнні каля Полацка. Месцам яго пахавання стаў храм святой Сафіі. Гэтае пахаванне знойдзена ў 1912 г.

другая пал. XVIII - першая пал. XIX ст.

  У 1752-1763 гг. з левага боку каля сабора быў узведзены 3-павярховы корпус базыльянскага ўніяцкага кляштара, які разам з храмам складаў адзіны архітэктурны ансамбль. На жаль, кляштар не захаваўся, яго можна бачыць на паштоўках пачатку XX ст.
    Пасля перабудовы ў XVIII ст. сабор часткова рэканструявалі ў 1876-1878 гг., 1913 г., вялікая рэстаўрацыя была праведзена ў 70-80-я гг. ХХ ст. (архітэктар В.Слюнчанка), калі храму было вернута аблічча XVIII ст.

Уніяты ў стылістыцы барока прымянялі алегорыі, знакі і сімвалы. Да сімвала адносіліся як да эмацыйнага ўспрыняцця нябачнай існасці Бога. Напрыклад, яны невыпадкова такую архітэктурную форму храма, як Сафійскі сабор, называлі базілікай – домам Цара Нябеснага. Бакавыя сцены сабора ўспрымаліся як сімвал Старога і Новага Запаветаў, слупы і калоны – гэта апосталы і прарокі, уваход у храм – пачатак раю. Ярусны падзел вежаў азначаў ідэю ўзыходжання да Бога, двоеснасць чалавечай і Боскай натуры Ісуса Хрыста. Сафія была ўніяцкім храмам 243 гады – з 1596 па 1839 г.
 

Пасля ліквідацыі уніі ў 1839 г. сабор зноў стаў праваслаўным і дзейнічаў да сярэдзіны 20-х гг. XX ст. У вайну нейкі час працаваў, правая вежа яго была пашкоджана, але пасля вайны ўзноўлена. Пакаленне палачан, што нарадзіліся пасля вайны, памятае, як сабор шмат гадоў быў кнігасховішчам і архівам. Сапраўднае адраджэнне яго адбылося толькі ў 70-80-я гг. XX ст., пасля чаго ён стаў музеем архітэктуры і канцэртнай залай арганнай камернай музыкі.

Гісторыя полацкай Сафіі працягваецца ў нашы дні. Тут у ідэальна гарманічным сінтэзе зліваюцца непаўторнае гучанне аргана і натхнёная праца дойлідаў-мастакоў розных эпох. Сафія і зараз з'яўляецца візітнай карткай горада, культурным сэрцам яго. Штогод у Полацку праводзяцца Міжнародныя фестывалі арганнай камернай музыкі, у красавіку і кастрычніку Полацк і Сафія становяцца музычным цэнтрам Беларусі.

< Назад да Сафійскі сабор